РУ БЕ EN DE AR PL FR

Наш гонар - наш куток

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Пагосцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”

ТУТ РАДЗІМЫ МАЁЙ ПАЧАТАК…

Аграгарадок Пагост – маленькая кропка на карце Беларусі, наша малая радзіма, святое месца.

Аб паходжанні назвы аграгарадка існуе некалькі паданняў. Пагостам раней называлі цэнтральную сядзібу сельскай абшчыны. Пад час Кіеўскай Русі пагостамі называліся спецыяльныя месцы для збору падарожкаў з Х-ХІІ ст. Непадалёку ад Пагоста заўсёды пралягаў вялікі шлях, і вандроўнікі маглі спыніцца тут дзеля таго, каб адпачыць, “пагасціць”.

 

Мілыя сэрцу мясціны

 

Кожны куточак, рачулка, кожная кветачка і нават каменьчык – усё з дзяцінства знаёма і дорага. Зараз гэта аграгарадок, дзе ўсё створана для дабрабыту людзей: аптэка, магазіны, школа, бальніца, бібліятэка…

Каля будынка Пагосцкага сельвыканкама знаходзіцца брацкая магіла воінаў Савецкай Арміі і помнік землякам. Тут пахаваны сто трыццаць тры воіны, што загінулі ў канцы чэрвеня 1944 года ў баях за вызваленне вёскі Пагост. Сярод пахаваных – воіны першага Беларускага фронту. Іх імёны высечаны на дзвюх надмагільных плітах. Ва ўшанаванне іх памяці і ста адзінаццаці землякоў, якія аддалі сваё жыццё ў баях за Радзіму, у 1969 годзе пастаўлены помнік – скульптура жанчыны ў жалобе.

 

У мястэчку Пагост у 1810 годзе была пабудавана Свята-Петрапаўлаўская царква. У час Вялікай Айчыннай вайны будынак яе быў спалены пры  вызваленні вёскі ад гітлераўскіх захопнікаў. Цяпер у вёсцы дзейнічае храм Уладзіміра Хіраско. У храме працуе нядзельная школа, у якой дзеці з цікавасцю даведваюцца пра стварэнне свету.

Сучасны будынак установы адукацыі прываблівае сваім знешнім выглядам. Ён уведзены ў эксплуатацыю ў 1979 годзе. Установу адукацыі наведваюць 102 вучні і 30 выхаванцаў дашкольных груп, для якіх створаны ўсе неабходныя ўмовы для навучання і выхавання.

 

 

 

 

 

 

Пазнаём малую радзіму

 

Вучні ўстановы адукацыі з цікавасцю займаюцца краязнаўчай работай. Так у снежні 2020 года па выніках рэспубліканскага конкурса “Падарожжа па малой радзіме” даследчая работа “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”, якую падрыхтавала вучаніца 6 класа Караваева Ульяна, была адзначана дыпломам ІІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Вучань 11 класа Шэмет Валерый другі год займаецца даследаваннем жыццёвага і творчага шляху нашага славутага земляка Ермаловіча Якуба.

 

Для кожнага з нас малая радзіма – самая прыгожая і лепшая. Бо тут самыя квяцістыя сады, самыя лепшыя краявіды, самы непаўторны водар.